222310, г. Молодечно, ул. Виленская, 6
Режим работы: 08:00-17:00

На Маладзечаншчыне праходзіць акцыя «Наш жывёлавод»

Як адзначыў старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Уладзімір Саланенка, Маладзечанскі раён адрозніваецца развітой жывёлагадоўляй. У галіне занятая вялікая колькасць спецыялістаў, большасць з якіх жанчыны. Дзякуючы рабоце жывёлаводаў гаспадаркі ўвесь год маюць стабільныя фінансавыя паступленні. Пры гэтым праца сельскіх работнікаў цяжкая. Грамадскі статак патрабуе пастаяннага догляду. Нагрузка на спецыялістаў вялікая. Акцыя якраз і праводзіцца з мэтай падтрымкі жывёлаводаў, паляпшэння ўмоў і павышэння эфектыўнасці працы, вырашэння ўзнікаючых пытанняў.

— Пры наведванні аб’ектаў жывёлагадоўлі прафактыў раёна вядзе маніторынг умоў працы, заробкаў, — паведаміў субяседнік. – Звяртаецца ўвага на бытавыя ўмовы жывёлаводаў, забяспечанасць спецыялістаў спецадзеннем і спецабуткам. Абавязкова аглядаюцца пакоі для адпачынку работнікаў.

Сярод найбольш актуальных пытанняў Уладзімір Саланенка выдзеліў недахоп кадраў на некаторых фермах і жывёлагадоўчых комплексах. У выніку на работнікаў ускладаецца дадатковая нагрузка. Вось чаму ў гаспадаркі трэба прыцягваць маладых спецыялістаў, забяспечваць іх жыллём, даваць пэўныя льготы.

Яшчэ адно важнае пытанне – аздараўленне работнікаў. Пры вялікай інтэнсіўнасці працы для прафілактыкі і лячэння прафесійных захворванняў людзям неабходна своечасовае якаснае медабслугоўванне. Прафсаюзныя санаторыі прапануюць аграрыям розныя праграмы аздараўлення па льготных цэнах.

— У раёне шмат робіцца для паляпшэння ўмоў працы жывёлаводаў, — падкрэсліў старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК. – Так, з увядзеннем у эксплуатацыю ва ўсіх гаспадарках прафілакторыяў для цялят больш камфортна стала працаваць і спецыялістам, якія даглядаюць маладых жывёл.

На думку субяседніка, вартая пераймання ініцыятыва адміністрацыі і прафкама ААТ «Палачаны», дзе сярод жывёлаводаў праводзяцца спаборніцтвы за дасягненне высокіх вынікаў.

У ААТ «Гарадзілава» даказалі, што атрымліваць вялікія надоі і прывагі, а таксама даволі высокую зарплату можна нават на старых фермах пасля іх мадэрнізацыі. Уся справа ў культуры вытворчасці, эфектыўным кіраванні, строгай тэхналагічнай дысцыпліне.

Ацанілі ўвагу да сябе жывёлаводы ААТ «Селеўцы». Перад пачаткам зімова-стойлавага перыяду для ўсіх бытавых памяшканняў аб’ектаў жывёлагадоўлі гаспадаркі за прафсаюзныя сродкі былі закуплены электрычныя абагравальнікі.

Тэкст і фота: Алег БЯГАНСКІ.